БАРА́НАВІЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Утворана 4.12.1939 на тэр. б. Навагрудскага ваяв. Польшчы пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Цэнтр — г. Баранавічы. Пл. 23,3 тыс. км², нас. 1184,4 тыс. чал. (1940). З 15.1.1940 уключала 26 раёнаў [Быценскі, Валеўскі (з ліст. 1940 Карэліцкі), Валожынскі, Васілішкаўскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Казлоўшчынскі, Клецкі, Лідскі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мастоўскі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, Юрацішкаўскі], 9 гарадоў, 10 гар. пасёлкаў, 376 сельсаветаў. Абл. газ. «Чырвоная звязда». 20.9.1944 Валожынскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі р-ны перададзены ў Маладзечанскую вобл., Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Радунскі і Шчучынскі — у Гродзенскую вобласць. 8.1.1954 Баранавіцкая вобласць скасавана: Быценскі, Гарадзішчанскі, Ляхавіцкі, Навамышскі р-ны і г. Баранавічы ўключаны ў Брэсцкую вобл., Клецкі, Нясвіжскі і Стаўбцоўскі — Мінскую вобл., Івянецкі р-н — Маладзечанскую вобл., астатнія раёны — у Гродзенскую вобласць.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)